Надзвычай цікавае падарожжа да сваіх вытокаў здзейснілі 22 снежня 2022 вучні другіх класаў нашай гімназіі. Напярэдадні калядных святаў дзверы перад імі гасцінна расчыніў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Дзеці пабывалі ў традыцыйнай беларускай хатцы пачатку ХХ стагоддзя. Разам з гаспадыняй сустракалі калядоўшчыкаў, спявалі народныя песні і гулялі ў традыцыйныя беларускія забавы.
Пасля гэтага вучні наведалі літаратурна-этнаграфічны аддзел музея, дзе, сярод іншага, даведаліся, што заснавальнікам і кіраўніком музея на працягу многіх гадоў быў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мікалаевіч Белакоз, адзін з першых пасляваенных выпускнікоў (1947 г.) сярэдняй школы нумар 1 г. Ваўкавыска, пераемніцай якой і стала ў 2003 годзе наша гімназія.
Мясцовая майстрыха прадэманстравала гасцям асновы ткацкага майстэрства, расказала пра тэхналогію апрацоўкі ільну.
На развітанне ўсе жадаючыя маглі набыць памятныя сувеніры з сімволікай музея і тканыя ручным спосабам закладкі для кніг з уласнымі імёнамі.
Увесь час знаходжання ў музеі дзеці мелі магчымасць слухаць чыстую і мілагучную родную беларускую мову.
Такім чынам, вяртанне да вытокаў сваёй мовы і традыцыйнай культуры надоўга застанецца ў памяці маленькіх беларусаў.
Вяртанне да вытокаў
- Информация о материале